12 Бо як цела адно, але мае шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос.
13 Бо мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці Юдэі, ці Грэкі, ці слугі, ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам.
14 Бо і цела — гэта не адзін член, але шмат.
15 Калі скажа нага: «Як я не рука, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яна не ад цела?
16 І калі скажа вуха: «Як я ня вока, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яно не ад цела?
17 Калі ўсё цела — вока, дзе слых? Калі ўсё — слых, дзе нюх?
18 Але цяпер Бог разьмясьціў члены, кожны з іх асобна, у целе, як Сам хацеў.
19 А калі б усе былі адзін член, дзе цела?
20 Але цяпер членаў шмат, а цела адно.
21 Ня можа вока сказаць руцэ: «Я ня маю ў табе патрэбы», або таксама галава нагам: «Я ня маю ў вас патрэбы».
22 Але члены цела, якія лічацца слабейшымі, нашмат больш патрэбныя.
23 І тыя, якія нам падаюцца менш пачэснымі ў целе, атачаем асаблівай пашанай, і нашыя непрыстойныя [члены] маюць асаблівую павагу.
24 А нашыя паважаныя [члены] ня маюць [такой] патрэбы. Але Бог спалучыў цела, даўшы тым, якія маюць недахопы, асаблівую пашану,
25 каб не было падзелу ў целе, але члены адзін пра аднаго турбаваліся.
26 І калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
27 Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.