33 І сказаў ім валадар: «Вазьміце з сабою слугаў гаспадара вашага, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
34 і няхай там сьвятар Цадок і прарок Натан памажуць яго на валадара Ізраіля, і затрубіце ў рог, і кажыце: "Няхай жыве валадар Салямон!"
35 І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасадзе маім, і будзе валадарыць пасьля мяне, бо я загадаў паставіць яго правадыром Ізраіля і Юды».
36 І адказаў Бэная, сын Егаяды, валадару, і сказаў: «Амэн, няхай скажа гэтак ГОСПАД, Бог гаспадара майго, валадара!
37 Як быў ГОСПАД з гаспадаром маім, валадаром, так няхай будзе Ён з Салямонам і няхай узвялічыць пасад ягоны больш за пасад гаспадара майго, валадара Давіда!»
38 І пайшоў Цадок сьвятар, і Натан прарок, і Бэная, сын Егаяды, і Керэты, і Пэлеты, і пасадзілі Салямона на мула валадара Давіда, і завялі яго ў Гіхон.