1 Тады сабраў Салямон старшыняў Ізраіля, усіх князёў пакаленьняў, усіх начальнікаў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля да валадара Салямона ў Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, з Сыёну.
2 І сабраліся да валадара Салямона ўсе Ізраільцяне ў месяцы Этанім на сьвята, якое ў сёмым месяцы.
3 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля, і сьвятары ўзялі Каўчэг,
4 і перанесьлі Каўчэг ГОСПАДА, Намёт Спатканьня і ўсе рэчы сьвятыя, якія [былі] ў Намёце, і несьлі іх сьвятары і лявіты.
5 І валадар Салямон, і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім, ішлі перад Каўчэгам і складалі ахвяры з авечак і валоў так шмат, што ані запісаць, ані палічыць нельга было.
6 І ўнесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў Давір сьвятыні, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
7 Бо херувімы раскінулі крылы над месцам Каўчэгу і закрывалі херувімы Каўчэг і насілы ягоныя зьверху.
8 Насілы гэтыя былі такія доўгія, што канцы іхнія былі бачныя з [Месца] Сьвятога перад Давірам, але не было іх бачна звонку. І яны там аж да гэтага дня.
9 У Каўчэгу не было нічога, акрамя дзьвюх каменных табліцаў, якія туды палажыў Майсей пад Харэвам, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля пад час выхаду іх з зямлі Эгіпецкай.
10 І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, воблака запоўніла Дом ГОСПАДА.
11 І не маглі сьвятары стаяць і спаўняць службу з прычыны гэтага воблака, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.