8 Сем дзён чакаў [Саўл] часу, вызначанага Самуэлем, аднак Самуэль не прыходзіў у Гільгал, і народ стаў адыходзіць ад яго.
9 І сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпаленьня і ахвяру мірную». І склаў ён ахвяру цэласпаленьня.
10 І скончыў ён складаць цэласпаленьне, і вось, прыйшоў Самуэль. І выйшаў Саўл яму на спатканьне, каб прывітаць яго.
11 І сказаў Самуэль: «Што ты нарабіў?» Саўл сказаў: «Я бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, і ты не прыйшоў у вызначаны час. А Філістынцы сабраліся ў Міхмашы.
12 І я сказаў сабе: "Філістынцы нападуць на мяне ў Гільгале, а я не здабыў ласкі перад абліччам ГОСПАДА". І змушаны, я склаў цэласпаленьне».
13 І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. Ты не захаваў прыказаньне ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён загадаў. Бо цяпер замацаваў бы ГОСПАД валадараньне тваё над Ізраілем на вякі.
14 Але цяпер валадараньне тваё не патрывае. ГОСПАД знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго і паставіў яго ГОСПАД правадыром народу Свайго, бо ты не захаваў таго, што загадаў табе ГОСПАД».