11 І паслаў Саўл слугаў сваіх у дом да Давіда, каб пільнавалі яго і забілі раніцаю. І паведаміла пра гэта Давіду Міхаль, жонка ягоная, кажучы: «Калі не ўратуеш душу сваю ў гэтую ноч, заўтра будзеш мёртвы».
12 І спусьціла Міхаль Давіда праз вакно, і ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.
13 А Міхаль узяла балвана, і палажыла яго на ложак, а пад галаву ягоную падклала падушку з казінай [поўсьці] і накрыла плашчом.
14 І паслаў Саўл пасланцоў, каб узялі Давіда, але яна сказала, што ён хворы.
15 І паслаў Саўл пасланцоў, каб адведалі Давіда, і сказаў: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».
16 І прыйшлі слугі, і вось, балван на ложку, і падушка з [поўсьці] казінай на месцы галавы.
17 І сказаў Саўл Міхаль: «Навошта ты так падманула мяне і выпусьціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхаль адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: "Пусьці мяне, бо іначай заб’ю цябе"».
18 І Давід уцёк, і ўратаваўся, і пайшоў да Самуэля ў Раму, і паведаміў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.