1 І Ганна малілася, і казала: "Радуецца сэрца маё ў ГОСПАДЗЕ, узьняўся рог мой у Богу маім. Адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо радуюся я ў збаўленьні Тваім.
2 Ніхто не сьвяты так як ГОСПАД, бо няма нікога іншага, апроч Цябе. Ніхто не магутны, як Бог наш.
3 Не памнажайце словаў фанабэрыстых. Няхай спыніцца пыхлівасьць вуснаў вашых, бо ГОСПАД ёсьць Бог [усякіх] ведаў, Ён судзіць усе ўчынкі.
4 Лук волатаў ломіцца, а слабыя набіраюцца сілы.
5 Тыя, што былі насычаныя, наймаюцца за хлеб, а галодныя хлеба не патрабуюць, бясплодная нараджае сем разоў, а тая, што мела шмат сыноў — саслабела.
6 ГОСПАД дае сьмерць і жыцьцё, кідае ў адхлань і выцягвае з яе.
7 ГОСПАД робіць бедным і багатым, паніжае і ўзвышае.
8 Ён выцягвае беднага з балота, і са сьмецьця падымае ўбогага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо ГОСПАДА асновы зямлі, на іх Ён паставіў сусьвет.
9 Ён захоўвае крокі сьвятых Сваіх, а бязбожнікі ў цемры зьнікаюць, бо ня сілаю сваёю перамагае чалавек.
10 ГОСПАД зьнішчае супраціўнікаў Сваіх, грыміць на іх у нябёсах. ГОСПАД будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць уладу валадару Свайму, і ўзвысіць рог памазанца Свайго».