7 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Паслухай голас народу ў-ва ўсім, што яны просяць цябе, бо не ад цябе адварочваюцца яны, але ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.
11 Ён сказаў: «Такія пастановы адносна валадара, які будзе валадарыць над вамі. Ён возьме сыноў вашых і пасадзіць іх у калясьніцы свае і на коней сваіх, і яны будуць імчаць перад калясьніцай ягонай.
12 І паставіць іх тысячнікамі, і пяцідзясятнікамі, і аратымі ральлі ягонай, і жняцамі ніваў ягоных, кавалямі зброі ягонай і калясьніцаў ягоных.
13 Дочак вашых ён зробіць варыцелькамі пахошчаў, кухаркамі і пекаркамі.
14 І забярэ ён у вас найлепшыя землі вашыя, вінаграднікі і сады аліўкавыя, і падорыць іх слугам сваім.
15 Нівы вашыя і вінаграднікі абцяжарыць дзесяцінай, і аддасьць яе эўнухам сваім і слугам сваім.
16 Возьме таксама слугаў вашых і служак вашых, найлепшых валоў вашых і аслоў вашых, і выкарыстае іх дзеля працы сваёй.
17 І абложыць ён дзесяцінай авечак вашых, і будзеце вы ў яго слугамі.
18 І будзеце наракаць у той дзень на валадара вашага, якога выбралі сабе, але ГОСПАД ня выслухае вас у той дзень».
19 І не хацеў народ слухаць голас Самуэля, і казалі яны: «Ніякім чынам! Няхай валадар будзе над намі,
20 і будзем мы жыць, як жывуць усе народы. Валадар наш будзе судзіць нас, і будзе ачольваць нас, і будзе выходзіць перад абліччам нашым на бой у войнах нашых».