Pular para o conteúdo
Publicidade

2 Reis 5

1 Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў чалавек вялікі перад абліччам гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён волат мужны, але [ён быў] пракажоны.

2 І вырушылі войскі Сірыйцаў, і ўзялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і была яна перад абліччам жонкі Наамана.

3 І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой [стаў] перад абліччам прарока, які ў Самарыі! Ён аздаравіў бы яго ад праказы ягонай!»

4 І пайшоў Нааман, і паведаміў гаспадару свайму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля».

5 І валадар Сірыі сказаў: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў у руку сваю дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў [сык­ляў] золата, і дзесяць зьменаў адзеньня.

6 І прынёс ён валадару Ізраіля ліст, які казаў: «Калі прыйшоў ліст гэты да цябе, вось, я пасылаю да цябе Наамана, слугу майго, каб ты аздаравіў яго ад праказы ягонай».

7 І сталася, калі валадар Ізраіля прачытаў ліст гэты, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я Бог, каб забіваць і вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я аздаравіў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»

8 І сталася, калі пачуў Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, ён паслаў да валадара, кажучы: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі».

9 І прыйшоў Нааман з коньмі сваімі і калясьніцаю сваёй, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя.

10 І Элісэй паслаў да яго пасланца, кажучы: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца [здаровым], і ты будзеш ачышчаны [ад праказы]».

11 І загневаўся Нааман, і адыйшоў, і сказаў: «Вось, я казаў сабе, што ён выйдзе [да мяне], і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і дакранецца рукой сваёй месца [праказы], і аздаровіць ад праказы.

12 Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць ачышчаным?» І павярнуўся, і пайшоў у гневе.

13 І наблізіліся слугі ягоныя, і прамовілі да яго: «Бацька мой, калі б пра рэчы вялікія прамовіў да цябе прарок, ці ты не зрабіў бы? А тым больш, калі ён сказаў табе: "Памыйся і будзеш ачышчаны"».

14 І зыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдан паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога хлопца, і быў ён ачышчаны.

Veja também