9 І прыйшоў да мяне адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямю апошнімі плягамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».
10 І ён павёў мяне ў духу на вялікую і высокую гару, і паказаў мне горад вялікі, сьвяты Ерусалім, які зыходзіць з неба ад Бога
11 і мае славу Божую. І сьвятло ягонае падобнае да найкаштоўнейшага камяня, накшталт камяня ясьпісу, што зіхціць, як крышталь.
12 І ён мае мур вялікі і высокі, і мае дванаццаць брамаў, і на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля:
13 ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы, ад захаду — тры брамы.
14 І мур гораду мае дванаццаць падмуркаў, і на іх — імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.