9 А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
10 Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,
11 і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.
12 У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
13 І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».
14 А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».
15 І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».
16 Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.