1 І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.
2 І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
3 І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.
4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
5 Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.
6 А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.
7 Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?
8 І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
9 Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,
11 Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»