2 Адказаў Данііл і сказаў: «Я бачыў відзеж уначы. І вось, чатыры вятры нябесныя ўзбурылі мора вялікае.
3 І чатыры вялізныя зьвяры выйшлі з мора, адрозныя адзін ад аднаго.
4 Першы — як леў, і ў яго арліныя крылы. Я бачыў, ажно крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты з зямлі, і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
5 І вось іншы зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, быў пастаўлены з аднаго боку, і тры рабрыны ў пашчы ягонай, між зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: "Устань, еш шмат мяса".
6 Пасьля гэтага я бачыў, і вось яшчэ адзін, як леапард, у якога на хрыбце ягоным чатыры крылы птушыныя; і чатыры галавы ў зьвера, і ўлада была дадзена яму.
7 Пасля гэтага я бачыў у відзежах начных, і вось зьвер чацьвёрты, жахлівы і жудасны, і дужы надзвычайна; і ў яго зубы вялікія жалезныя; ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі. І ён адрозьніваўся ад усіх зьвяроў, якія былі перад ім, і дзесяць рагоў у яго.