1 І станецца, што прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў перад абліччам тваім, і ты возьмеш іх у сэрца сваё сярод усіх народаў, да якіх выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой.
2 І ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня загадваю табе, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй.
3 І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю, і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбярэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.
4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і зграмадзіць цябе.
5 І ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую мелі бацькі твае, і возьмеш яе на ўласнасьць, і Ён дасьць дабрабыт табе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.