20 І апісаў Мардэхай гэтыя падзеі, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша, да блізкіх і да далёкіх,
21 Каб яны з’абавязаліся сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго, год у год,
22 як дні, у якія Юдэі супакоіліся ад ворагаў сваіх, і [як] той месяц, у які замяніўся для іх смутак у радасьць, і жалоба — у дзень сьвяточны, каб яны зрабілі іх днямі частаваньня і радасьці, пасылаючы адны адным падарункі і дары для бедных.
23 І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць і пра што Мардэхай напісаў ім,
24 што Аман, сын Гамэдата, Агагянін, прыгнятальнік Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў пур, значыцца жэрабя, каб расьцярушыць іх і загубіць іх,
25 і што [Эстэр] прыйшла перад аблічча валадара, і ён сказаў у лісьце, каб намер нягодны, які [Аман] надумаў супраць Юдэяў, зьвярнуўся на галаву ягоную, і павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.
26 Дзеля гэтага назвалі дні гэтыя Пурым, ад слова "пур". Дзеля гэтага паводле ўсіх словаў лісту гэтага і таго, што самі бачылі і што адбылося з імі,
27 пастанаўляючы, пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на насеньне сваё, і на ўсіх, хто далучыцца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні паводле напісанага пра іх і паводле тэрміну іхняга, кожны год.
28 І дні гэтыя маюць узгадвацца і сьвяткавацца ў-ва ўсіх пакаленьнях, і ў кожнай сям’і, і ў кожнай акрузе, і ў кожным горадзе. І дні гэтыя Пурыму не забудуцца сярод Юдэяў, памяць пра іх ня зьнішчыцца ў насеньні іхнім.
29 І напісала Эстэр валадарка, дачка Абіхаіла, і Мардэхай Юдэй з усёю ўладаю, каб выконвалі гэты другі ліст пра Пурым.
30 І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, у сто дваццаць сем акругаў валадарства Ахашвэроша са словамі супакою і праўды,
31 каб прызначыць гэтыя дні Пурыму ў тэрмін іхні, які прызначыў ім Мардэхай Юдэй і Эстэр валадарка, і як яны [самі] прызначылі сабе і насеньню свайму напамін посту і галашэньня свайго.
32 І слова Эстэр зацьвердзіла гэты напамін пра Пурым, і было ўпісана ў кнігу.