13 I сталася назаўтра, і сеў Майсей судзіць народ, і стаяў народ перад Майсеем з раніцы да вечара.
14 I бачыў цесьць Майсея ўсё, што ён рабіў для народу, і сказаў: «Што гэта за справа, якую ты робіш для народу? Дзеля чаго ты сядзіш сам адзін, а ўвесь народ стаіць перад табою з раніцы да вечара?»
15 I сказаў Майсей цесьцю свайму: «Бо прыходзіць народ да мяне, каб пытацца ў Бога.
16 Бо калі яны маюць нейкую справу, прыходзяць да мяне, і я суджу паміж адным [чалавекам] і другім, і абвяшчаю пастановы Божыя і законы Ягоныя».
17 I сказаў цесьць Майсея яму: «Нядобрая гэтая рэч, якую ты робіш.
18 Мучаешся ты і мучаеш народ гэты, які з табою; бо цяжкая для цябе справа гэтая, ты ня можаш рабіць яе сам адзін.
19 Цяпер паслухай голас мой; я дам табе раду, і будзе Бог з табою. Ты будзь [заступнікам] за народ перад Богам і прынось Богу справы гэтыя.
20 I ты навучай іх пастановам і законам, і дай ім ведаць шлях, па якім яны маюць ісьці, і ўчынкі, якія яны маюць рабіць.
21 I ты выглядзі з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўды, якія ненавідзяць хцівасьць, і пастаў іх як начальнікаў над тысячамі, начальнікаў над сотнямі, начальнікаў над пяцідзясяткамі і начальнікаў над дзясяткамі.
22 I няхай яны судзяць народ у кожным часе. І станецца, што кожную справу вялікую яны будуць прыносіць да цябе, а кожную справу малую будуць судзіць самі. І будзе табе лягчэй, і яны панясуць [цяжар] з табою.
23 Калі гэтую рэч зробіш, і Бог загадае [гэта] табе, ты зможаш стаяць, і таксама ўвесь народ гэты прыйдзе на сваё месца ў супакоі».
24 I паслухаў Майсей голасу цесьця свайго, і зрабіў усё, што той сказаў.
25 I выбраў Майсей людзей здольных з усяго Ізраіля, і прызначыў іх галоўнымі над народам, начальнікамі над тысячамі, начальнікамі над сотнямі, начальнікамі над пяцідзясяткамі і начальнікамі над дзесяткамі.
26 I судзілі яны народ у кожным часе, справу цяжкую прыносілі да Майсея, а кожную справу малую судзілі самі.