1 I зробіш ахвярнік з дрэва акацыі, пяць локцяў у даўжыню і пяць локцяў у шырыню, чатырохкутні будзе ахвярнік, і тры локці ў вышыню.
2 I зробіш рогі ягоныя на чатырох вуглах ягоных, з яго будуць выходзіць рогі ягоныя, і пакрыеш іх медзьдзю.
3 I зробіш да яго гаршчкі для [высыпаньня] попелу з яго, і лапаткі ягоныя, і місы ягоныя, і відэльцы ягоныя, і кадзільніцы ягоныя. Усе начыньні зробіш з медзі.
4 I зробіш да яго крату, плеценай работы, мядзяную, і зробіш на пляцёнцы чатыры колцы мядзяныя на чатырох вуглах яе.
5 I паложыш яе зьнізу пад вобад ахвярніка так, каб пляцёнка была да паловы ахвярніка.
6 I зробіш насілы для ахвярніка, насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх медзьдзю.
7 I ўкладзеш насілы ягоныя ў колцы, і будуць насілы па абодвух баках ахвярніка для нашэньня яго.
8 Пустым унутры з дошак зробіш яго. Як паказана табе на гары, так няхай зробяць.