1 А Майсей пасьвіў авечак Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. I павёў ён чараду на другі бок пустыні, і прыйшоў да гары Божае Харэў.
2 I зьявіўся яму анёл ГОСПАДА ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І ён бачыў, і вось, цярновы куст гарэў агнём, але куст не згараў.
3 I сказаў Майсей: «Пайду і пагляджу на зьяву гэтую вялікую, чаму куст не згарае».
4 I ўбачыў ГОСПАД, што ён зьвярнуўся паглядзець [на гэта], і паклікаў яго Бог з сярэдзіны куста, і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён сказаў: «Вось я!»
5 I сказаў [Бог]: «Не падыходзь сюды; здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая».
6 I сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба». I закрыў Майсей аблічча сваё, бо баяўся глянуць на Бога.