14 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Закамянела сэрца фараона; ён адмаўляецца адпусьціць народ.
15 Ідзі да фараона раніцаю. Вось, ён выйдзе да вады, а ты стань насупраць яго на беразе ракі; і кій, які перамяняўся ў зьмея, возьмеш у руку тваю.
16 I скажы яму: "ГОСПАД, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе, кажучы: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне ў пустыні". І вось, ты не паслухаў аж да цяпер.
17 Гэтак кажа ГОСПАД: "З гэтага ты даведаешся, што Я — ГОСПАД". Вось, я ўдару кіем, які ў руцэ маёй, па вадзе, якая ў рацэ, і яна пераменіцца ў кроў,
18 і рыба, якая ў рацэ, здохне, і рака засьмярдзіць, і агідна будзе Эгіпцянам піць ваду з ракі"».
19 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: "Вазьмі кій твой і выцягні руку тваю на воды Эгіпту, на рэкі іхнія, на ручаі іхнія, на сажалкі іхнія і на ўсялякія ставы водаў іхніх; і стануцца яны крывёй, і будзе кроў па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і ў [начыньнях] драўляных і каменных"».
20 І зрабілі Майсей і Аарон так, як загадаў ГОСПАД. I падняў ён кій, і ўдарыў па вадзе, якая ў рацэ, перад вачыма фараона і перад вачыма слугаў ягоных, і перамянілася ўся вада, якая ў рацэ, у кроў.
21 І рыба, якая ў рацэ, падохла, і засьмярдзела рака, і не маглі Эгіпцяне піць вады з ракі; і была кроў у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
22 I зрабілі гэтаксама варажбіты Эгіпецкія варажбою сваёю. I зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і казаў ГОСПАД.
23 I павярнуўся фараон, і пайшоў у дом свой; і не зьвярнуў сэрца свайго да гэтага.
24 I капаў увесь Эгіпет вакол ракі ваду, каб піць, бо не маглі піць вады з ракі.
25 I споўнілася сем дзён пасьля таго, як ГОСПАД ударыў раку.