18 І сказаў ГОСПАД Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму».
19 І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.
20 І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.
21 І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.
22 І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
23 І сказаў чалавек: «Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа».
24 Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.