1 I ня мог Язэп больш вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: «Вывядзіце ўсіх людзей ад мяне!» I не застаўся ніхто пры ім, калі Язэп адкрыўся братам сваім.
2 I голасна заплакаў [Язэп], і пачулі Эгіпцяне, і пачуў дом фараона.
3 I сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці бацька мой яшчэ жывы?» I не маглі браты ягоныя адказаць яму, бо яны трымцелі перад абліччам ягоным.
4 I сказаў Язэп братам сваім: «Наблізьцеся, калі ласка, да мяне». Яны наблізіліся. І ён сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Эгіпет.
5 Але цяпер не сумуйце, і няхай ня будзе жалю ў вачах вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця паслаў мяне Бог перад вамі.
6 Бо вось, два гады голаду на зямлі, і яшчэ пяць гадоў, у якія нельга будзе ані араць, ані жаць.
7 I паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць з вас рэшту на зямлі і захаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
8 I цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і Ён паставіў мяне як бацьку фараону і як пана ў-ва ўсім доме ягоным, і я кірую ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
9 Пасьпяшайцеся, і ўзыйдзіце да бацькі майго, і скажыце яму: "Гэтак сказаў сын твой, Язэп: "Бог паставіў мяне панам над усім Эгіптам. Прыйдзі да мяне, не марудзь.
10 I будзеш жыць у зямлі Гашэн; і будзеш блізка каля мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і авечкі твае, і валы твае, і ўсё, што тваё.
11 I я буду карміць цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не згалеў ты, і дом твой, і ўсё, што тваё"".
12 I вось, бачаць вочы вашыя, і вочы брата майго Бэн’яміна, што вусны мае прамаўляюць да вас.
13 I распавядзіце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі; і пасьпяшайцеся, і прывядзіце бацьку майго сюды».
14 I ўпаў ён на шыю Бэн’яміну, брату свайму, і плакаў; і Бэн’ямін плакаў на шыі ягонай.
15 I цалаваў ён усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. I потым размаўлялі з ім браты ягоныя.