1 І буду я сьпяваць Любаму майму сьпеў пра вінаграднік Ягоны. Любы мой меў вінаграднік на ўзгорку ўрадлівым.
2 Ён абкапаў яго і ачысьціў яго ад камянёў, і пасадзіў у ім найлепшую лазу вінаградную, і пабудаваў вежу на сярэдзіне яго, і паставіў у ім тоўчню, і спадзяваўся, што вырасьце вінаград, але вырасьлі дзікія ягады.
3 І цяпер, жыхары Ерусаліму і мужы Юды, рассудзіце паміж Мною і вінаграднікам Маім.
4 Што мусіў Я яшчэ зрабіць для вінаградніку Майго, а не зрабіў? Чаму, калі чакаў, што ўродзіць вінаград, ён урадзіў дзікія ягады?
5 І цяпер Я паведамлю вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім: прыбяру жываплот ягоны, і ён будзе на зьнішчэньне, развалю агароджу ягоную, і будзе ён на патаптаньне,
6 і аддам яго на спусташэньне; ня будзе ён абцінаны і абкопваны, і зарасьце цернем і асотам, і хмарам Я забараню даваць дождж яму.
7 Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].