1 Гэй, усе спрагнёныя, прыходзьце да вады, і тыя, што ня маюць срэбра, прыходзьце, купляйце і спажывайце; прыходзьце і купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако!
2 Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.
3 Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, [абяцанай] Давіду.
4 Вось, Я паставіў яго сьведкам для народаў і правадыром, які дае загады людзям.
5 Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
6 Шукайце ГОСПАДА, пакуль можна знайсьці Яго, клічце Яго, пакуль Ён блізка!