3 «Чаму мы посьцілі, а Ты ня бачыў? Мы мучылі душы нашыя, а Ты ня ведаеш?» Вось, у дзень посту вашага вы спаўняеце пажаданьні вашыя і ўсіх работнікаў сваіх вы прыгнятаеце.
4 Вось, вы посьціце, каб вадзіцца і сварыцца, і б’іцёся кулакамі нахабна. Ня трэба посьціць так, як у гэты дзень, каб быў выслуханы на вышынях голас ваш.
5 Ці ж гэта той пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю, гне галаву сваю, як трысьціна, і ў зрэбніцу апранаецца, і попелам пасыпае [галаву]? Ці ж гэта ты называеш постам і днём, які ўпадабаў ГОСПАД?
6 Ці ж ня гэта пост, які Я выбраў: здымі кайданы бязбожнасьці, разьвяжы путы ярма, пусьці ўцісканых на свабоду і ўсякае ярмо скрышы.