16 І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі,
17 Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
20 У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас.
21 Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе».
22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»
23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго.
24 Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне.
25 Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
26 Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам.