1 Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.
2 І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.
3 І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4 А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.
5 Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»
6 Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
7 Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».
8 Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
9 «Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»
10 Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.
12 Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».
13 Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
14 Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».