1 І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
2 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»
3 Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.
4 Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
5 Пакуль Я ў сьвеце, Я — Сьвятло сьвету».
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,
7 і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.
8 Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
9 Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».
10 Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»
11 Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
12 Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».