11 І зьявіўся яму анёл Госпада, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.
12 І ўстрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.
13 Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя! Бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.
14 І будзе табе радасьць і вясёласьць, і многія ўзрадуюцца нараджэньню ягонаму.
15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.
16 І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.
17 І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».