26 А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,
27 да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давіда; а імя дзяўчыны — Марыя.
28 І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».
29 Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.
30 І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя! Бо ты знайшла ласку ў Бога.
31 І вось, ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
32 Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага.
33 І Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».
34 А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»
35 І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца.
36 Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.
37 Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».
38 І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.