11 Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.
12 І сказаў малодшы з іх бацьку: "Бацька, дай мне належную частку маёмасьці". І падзяліў ім маёмасьць.
13 І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14 Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу.
15 І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў.
16 І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, ён сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!
18 Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’."
20 І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
21 Сын жа сказаў яму: "Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім".
22 А бацька сказаў слугам сваім: "Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.
23 І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.
24 Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся". І пачалі весяліцца.