Publicidade

Lucas 15

11 Яшчэ сказаў: «У аднаго чалавека былі два сыны.

12 І сказаў малодшы з іх бацьку: "Бацька, дай мне належную частку маёмасьці". І падзяліў ім маёмасьць.

13 І праз некалькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, выправіўся ў далёкі край, і там змарнаваў маёмасьць сваю, жывучы распусна.

14 Калі ж выдаткаваў усё, стаўся вялікі голад у тым краі, і ён пачаў мець нястачу.

15 І, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з грамадзянаў таго краю, і той паслаў яго на поле сваё даглядаць сьвіньняў.

16 І ён жадаў напоўніць жывот свой шалупіньнем, якое елі сьвіньні, і ніхто не даваў яму.

17 Апамятаўшыся, ён сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішак хлеба, а я паміраю з голаду!

18 Устаўшы, пайду да бацькі майго і скажу яму: ‘Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою,

19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; зрабі мяне адным з парабкаў тваіх’."

20 І, устаўшы, прыйшоў да бацькі свайго. Калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.

21 Сын жа сказаў яму: "Ойча! Я саграшыў супраць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім".

22 А бацька сказаў слугам сваім: "Прынясіце найлепшыя шаты, і апраніце яго, і дайце пярсьцёнак на руку ягоную і сандалы на ногі.

23 І прывядзіце кормнае цяля, і закалеце, і, паеўшы, будзем весяліцца.

24 Бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся". І пачалі весяліцца.

25 А старэйшы сын ягоны быў у полі. І калі, варочаючыся, падыйшоў да дому, пачуў сьпевы і скокі.

26 І, паклікаўшы аднаго са слугаў сваіх, спытаўся: "Што гэта адбываецца?"

27 Той жа сказаў яму: "Брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровым".

28 Загневаўся ён і не хацеў увайсьці. Тады бацька ягоны, выйшаўшы, клікаў яго.

29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку: "Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не адступіў ад прыказаньня твайго, і ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі.

30 А калі гэты сын твой, пажоршы маёмасьць тваю з распусьніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цяля".

31 Ён жа сказаў яму: "Дзіця! Ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.

32 А з таго трэба цешыцца і радавацца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся"».

Veja também

Publicidade
Bíblia Online Bíblia Online

Bíblia Online • Versão: 2026-06-19_11-20-24-