22 І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,
23 як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада»,
24 і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, пару туркавак ці двух галубянятак.
25 І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.
26 І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.
27 І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле Закону,
28 ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
29 «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі,
30 бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,
31 якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
32 сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго, Ізраіля».
33 А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.
34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому працівіцца будуць.
35 І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.
37 І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.
38 І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.