1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню.
2 Там сорак дзён Ён быў спакушваны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці.
3 І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам».
4 І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым».
5 І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу.
6 І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе.
7 Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё».
8 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы"».
9 І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на самым версе сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,
10 бо напісана: "Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе",
11 і: "На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю"».
12 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго"».
13 І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары.