40 І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
42 бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго
43 І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе,
44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.
45 І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і ціснуць, і Ты кажаш: "Хто дакрануўся да Мяне?"»
46 Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне».
47 А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.
48 Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка».
50 А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».
51 Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць».
53 І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці.
56 І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.