12 І ў першы дзень Праснакоў, калі заколваюць пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»
13 І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
14 І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: "Настаўнік гаворыць: ‘Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?’"
15 І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».
16 І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.