9 Уваскросшы раніцаю ў першы дзень пасьля суботы, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.
10 Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі.
11 Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.
12 Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
13 І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі.
14 Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі яны ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
15 І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.
16 Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.
17 А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,
18 зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя».
19 Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога.
20 А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які дапамагаў ім і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.