1 І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.
2 І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,
3 які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
4 Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.
5 І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі.
6 І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,
7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Запрысягаю Цябе Богам, ня мучай мяне».
8 Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».
9 І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
10 І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.
11 А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
12 І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі».
13 І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.
14 А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.
15 І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.
17 І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.
18 І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19 Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».
20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.