30 І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.
31 І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.
32 І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.
33 І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.
34 І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.
35 І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.
36 Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці».
37 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»
38 Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».
39 І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.
40 І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.
41 І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.
42 І елі ўсе, і наеліся.
43 І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.
44 А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.