24 І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.
25 Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.
26 А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.
27 Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
28 Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі, [што ўпалі] ад дзяцей».
29 І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй».
30 І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.