2 І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
3 І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.
4 І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам.
5 І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін».
6 Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя.
7 І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
8 І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.
9 Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.
10 І яны прынялі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?».
11 І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?»
12 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто.
13 Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».