Pular para o conteúdo
Publicidade

Mateus 20

1 Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.

2 І, дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

3 І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.

4 І сказаў ім: "Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе праведна, дам вам". Яны пайшлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтаксама.

6 А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: "Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?"

7 Яны кажуць яму: "Ніхто нас не наняў". Ён кажа ім: "Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе праведна, атрымаеце".

8 А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: "Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых".

9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.

10 А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.

11 І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,

12 кажучы: "Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку".

13 Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: "Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?

14 Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.

15 Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?"

16 Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

Veja também