1 І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
2 кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
3 І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».
4 А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:
5 «Скажыце дачцэ Сыёну: "Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, Які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай"».
6 Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
7 Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.
8 А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
9 А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
10 І калі Ён увайшоў у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
11 А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».