23 У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго:
24 «Настаўнік, Майсей сказаў: "Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму".
25 Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму.
26 Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
27 Пасьля ўсіх памерла і жонка.
28 Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе».
29 Адказваючы, Ісус сказаў ім: «Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае.
30 Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца і замуж не выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
31 А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа:
32 "Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!" Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых».
33 І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага.