31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
32 І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
33 І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
34 Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: "Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету.
35 Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне,
36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне".
37 Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: "Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі?
38 Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі?
39 Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?"
40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: "Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі".
41 Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
42 Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне;
43 быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне".
44 Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?"
45 Тады адкажа Ён ім, кажучы: "Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі".
46 І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».