1 Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушэньня праз д’ябла,
2 і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.
3 І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».
4 Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: "Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых"».
5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на самым версе сьвятыні,
6 і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: "Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю"».
7 Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго"».
8 Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,
9 і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
10 Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы"».
11 Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.