5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць нагароду сваю.
6 Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
7 А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.
8 Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
9 Маліцеся ж вось гэтак: "Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;
10 прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.
11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
12 І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
13 і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн".
14 Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.
15 А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.