11 І я прыйшоў у Ерусалім, і быў там тры дні.
12 І я ўстаў уначы, і некалькі чалавек са мною, і я нікому не сказаў, што Бог мой даў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліму. А жывёлы не было са мною ніякай, акрамя той жывёлы, на якой я ехаў.
13 І я прыехаў уначы праз Браму Даліны перад крыніцай Цмокаў да Брамы Гною; і агледзеў я муры Ерусаліму, якія былі зруйнаваныя, і брамы ягоныя, якія спаленыя агнём.
14 І я прайшоў да Брамы Крыніцы і да сажалкі валадарскай; і не было месца прайсьці жывёле, [якая была] пада мною.
15 І я ўзьняўся ўначы ўздоўж ручая, і агледзеў мур, і вярнуўся, і ўвайшоў праз Браму Даліны, і вярнуўся.
16 А кіраўнікі [народу] ня ведалі, куды я хадзіў і што рабіў. Ані Юдэям, ані сьвятарам, ані шляхце, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі працу, я не распавядаў [нічога] аж да гэтай пары.
17 І я сказаў ім: «Вы бачыце гора, у якім мы [знаходзімся], што Ерусалім зруйнаваны і брамы ягоныя спаленыя агнём. Хадзем і адбудуем муры Ерусаліму, і ня будзем больш у ганьбе».
18 І я распавёў ім пра руку Бога майго, якая была добрай да мяне, а таксама пра словы валадара, якія ён казаў мне. І яны сказалі: «Станем і будзем будаваць». І ўмацавалі рукі свае на добрую [справу].