11 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?
12 Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: "Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і [занясі] ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім"?
13 Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам [наракаюць] на мяне, кажучы: "Дай нам мяса, каб мы наеліся!"
14 Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне.
15 Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!»
16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою.
17 А Я зыйду і буду гаварыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў [цяжар гэты].