1 Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,
2 бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.
3 Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,
4 і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.
5 Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой.
6 Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.
7 Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.
8 Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем для костак тваіх.