1 Таму цяпер няма ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
2 Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці.
3 Бо як Закон быў бяссільны, таму што быў нядужы праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падабенстве цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе,
4 каб праведнасьць Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
5 Бо тыя, што паводле цела, — пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа, — пра духоўнае.
6 Бо думкі цялесныя — сьмерць, а думкі духоўныя — жыцьцё і супакой.
7 Бо думкі цялесныя — варожасьць да Бога, бо яны не падпарадкоўваюцца закону Божаму, дый ня могуць.
8 Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць.
9 Вы ж ня ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
10 Калі ж Хрыстос у вас, дык цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасьць.
11 А калі Дух Таго, Які ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, Той, Які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.