20 Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
21 бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з’есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
22 Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.
23 Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
24 і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».
25 Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».
26 Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
27 А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
28 Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п’е з чары гэтай.
29 Бо, хто есьць і п’е нягожа, той есьць і п’е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.